Левіцкі, Я.В. Узаемаадносіны Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы ў 1463—1471 гг. Барацьба за Ноўгарад Вялікі

скачать в .pdf / download as .pdf

УДК [94(477.5+476+477)+94(470)]"1463/71"         

                      

Узаемаадносіны Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы ў 1463—1471 гг. Барацьба за Ноўгарад Вялікі

Relationships between Grand Duchy of Lithuania and Moscow State in 1463—1471. Contention for Novgorod

Я.В. Левіцкі (Y.V. Levitski)
cтудэнт III курса гiстарычнага факультэта БДУ
Навуковы кіраўнік — прафесар, к.г.н. А.А. Яноўскі

У артыкуле разглядаюцца ўзаемаадносіны Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага ў 1463—1471 гг. Аўтар распавядае пра парушэнне заключанай паміж дзяржавмі дамоўленасці аб “Вечным міры” ад 1449 г. і далейшым абвастрэнні канфлікту. Адлюстравана барацьба за Ноўгарад Вялікі ў 1470 г. і прааналізаваны прычыны паразы ў ёй Вялікага Княства Літоўскага.

Ключавыя словы: Вялікае Княства Літоўскае, Вялікае Княства Маскоўскае, Ноўгарад Вялікі, кан. XV ст., Казімір IV Ягелончык, Іван III.

In the article relationships between Grand Duchy of Lithuania and Moscow state are considered. Author narrate aboutbreach of agreement of “Eternal peace” 1449, which was concluded between states and further escalation of conflict. Contention for Novgorod is described and reasons of defeating of Grand Duchy of Lithuania are analysed.

Keywords: Grand Duchy of Lithuania, Moscow state, Novgorod, end of the XV cent., Casimir IV, Ivan III.

Дадзеная праца апісвае барацьбу паміж цэнтрамі збірання ўсходнеславянскіх земляў за адну з апошніх незалежных дзяржаў Паўночна-Усходняй Русі — Вялікі Ноўгарад. Мэтай працы з'яўляецца высвятленне прычыны перамогі Маскоўскай дзяржавы і паразы Вялікага Княства Літоўскага ў гэтым канфлікце. Для дасягнення пастаўленай мэты ў працы разглядаюцца перадумовы анэксіі Ноўгарада да Вялікага княства Маскоўскаму, якія бяруць свой пачатак у знешнепалітычных прыярытэтах Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага.

Тэма досыць шырока прадстаўлена крыніцамі. Сярод іх можна назваць: II і III Наўгародскія летапісы [20], IV Наўгародскi і I Пскоўскi летапісы [21], II Пскоўская I і II Сафійская летапісы [22; 23], Васкрасенскі летапіс [24], шэраг беларуска-літоўскіх летапісаў [25], Симеёнаўскі летапіс [26], збор летапісаў «Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэднявечча і раньнемадэрны час» [17] і збор дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах Т.1 IX-XVIII ст.» [34].

Найбольш падрабязна абраная тэма разглядаецца ў расійскай гістарыяграфіі. Прысутнічаюць як спецыялізаваныя працы, прысвечаныя непасрэдна закранутаму перыяду за аўтарствам Ю.Г. Аляксеева [1; 2; 3; 4], К.В. Базілевіча [5; 6], В.М. Бернадцкага [9], І.Б. Грэкава [11], Н.А. Казаковай [14], Г.Ф. Карпава [15], А.Л. Харашкевіч [31], Л.У. Чарапніна [33]; так і якія ахопліваюць больш шырокі прамежак часу — Г.С. Бандтке [7], Д. Бранцава [10], І.Г. Кулжынскага [16], Г.Н. Праабражэнскага [18], М.А. Палявога [19], С.М. Салаўёва [28], А.В. Экзэмплярскага [35]. Таксама апісаныя праблемы закраналіся беларускімі аўтарамі Н.А. Белаўс [8], Г.Н. Сагановічам [27], А.Е. Тарасам [29], В.М. Цемушавым [30], В.К. Чаропка [32]. Трэба згадаць пра ўнёсак у распрацоўку тэмы ўкраінскага гісторыка М.С. Грушэўскага [12]; літоўскіх — Э. Гудавічуса [13], З. Куапы, Ю. Капэнэ і А. Кунцэвічуса [37]; англійскіх — Н. Дэвіса [36], Д. Лукоўскага, Х. Завадцкага [38]; амерыканскага — Д. Стоўна [39].

Супрацьстаянне паміж Масквой і Вільняй паступова нарастала пачынальна з часоў вялікага князя літоўскага Альгерда (1345—1377). Але, да разглядаемага перыяду, паміж цэнтрамі збірання ўсходнеславянскіх земляў яшчэ заставаліся буферныя княствы, якія яшчэ не былі захоплены тым ці іншым бокам. Да канца кіравання вялікага князя літоўскага Вітаўта Вялікага (1392—1430) у дзяржаў з’явіліся агульныя межы, што правакавала далейшыя канфлікты. Спробай іх урэгулявання можна назваць неспрыяльны для Вялікага Княства Літоўскага «Вечны мір» 1449 г., які дакладна размежаваў сферы ўплыву і вобласці для пашырэння дзвух дзяржаў. Аднак, на практыке ён не выконваўся ніводным з бакоў і да пач. 1460-ых гг. перспектыва сутыкнення стала відавочнай для абедзьвух дзяржаў. У якасці «кропкі незвароту» можна ўзяць лета 1463 г., калі ў Вялікае Княства Літоўскае з Ноўгарада быў адпраўлены пасол Алферый Васільевіч Слізін з просьбай аб дапамозе супраць вялікага князя маскоўскага Івана Васільевіча. Неўзабаве было адпраўлена новае пасольства на чале з Мікітам Леонцьявым. Яно накіроўвалася не толькі непасрэдна да вялікага князя літоўскага, але і да князя Івана Андрэевіча Мажайскага, які уцёк з Масквы ў Вялікае Княства Літоўскае ў 1454 г., і да князя Івана Дзмітрыевіча Шэмячыча, які ўцёк туды ж у 1456 г., з прамым заклікам дапамагчы Ноўгараду ў барацьбе з Масквой [6, с.
13—14]. Характэрна, што, паводле ўмоў «Вечнага міру» 1449 г., Ноўгарад і Пскоў прызнаваліся сферай уплыву Вялікага княства Маскоўскага, нават канфлікты паміж імі і Вялікім Княствам Літоўскім павінны былі вырашацца пры пасрэдніцтве вялікага князя маскоўскага. Такім чынам, той факт, што Казімір IV Ягелончык (1441—1492 — вялікі князь літоўскі, 1447—1492 - кароль польскі), па-першае, прыняў паслоў Ноўгарада без пасрэдніцтва Масквы і, па-другое, разглядаў іх прапановы пра ваенную дапамогу супраць вялікага князя маскоўскага Івана Васільевіча III (1462—1505), прама сведчыць пра невыкананне дамовы, а значыць, далейшым абвастрэнні ўзаемаадносін паміж двума цэнтрамі збірання ўсходнеславянскіх земляў. Акрамя таго, пасля пераможнай бітвы пад Жарноўцам у 1462 г., калі войскі Тэўтонскага Ордэна былі ўшчэнт разгромлены, Казімір Ягелончык меў дастаткова сіл для падтрымкі Вольнага горада, у той час, як вялікаму князю маскоўскаму, занятаму канфліктам з Казанню, было б складана ваяваць з двума моцнымі праціўнікамі. Ад непазбежнага сутыкнення дзяржавы выратавала выпадковасць: па невядомых прычынах, у Ноўгарадзе да ўлады прыйшла прамаскоўская партыя, а таму ўсе ініцыятывы, па арганізацыі ваеннага хаўрусу з Вялікім Княствам Літоўскім былі прыпынены. Для пагаднення з Іванам III у 1463-1464 гг. у Маскву едзе пасольства на чале з пасаднікам Фёдарам Якаўлевічам. Гэта пасольства было паспяховым: вялікі князь маскоўскі добразычліва прыняў паслоў і не стаў абвастраць адносіны з Наўгародскай рэспублікай, ратуючы Маскву ад вайны на два фронта (чаго ён, дарэчы, ніколі не дапускаў на працягу ўсяго свайго кіравання). Сутыкненне было адтэрмінавана, але наўгародцы выдатна разумелі, што час лавіравання паміж цэнтрамі збірання ўсходнеславянскіх тэрыторый мінуў. Іван III, пазнаўшы за час сваёй юнацкасці ўвесь цяжар феадальнай міжусобіцы паставіў перад сабой за мэту канчатковую цэнтралізацыю Русі. Таму падначаленне Ноўгарада Маскве і, адпаведна, абмежаванне, а, магчыма, і ліквідацыя яго вольнасцяў было пытаннем часу. Перад баярствам Вечавой рэспублікі стаў выбар: або паступовая інтэграцыя ў Маскоўскую дзяржаву, а значыць, i страта даўніх прывілеяў, або пераход пад уладу караля і іх захаванне [3, с. 104—106; 30, с. 78; 15, с. 51; 10, с. 296; 41, р. 737; 37, р. 216].

Выбар гэты прыйшлося зрабіць досыць хутка. Каталізатарам для яго паслужыла наўгародскае пасольства Васіля Ананьіна ў 1470 г., які павінен быў размаўляць з вялікім князем маскоўскім пра земскія справы Ноўгарада. Гэта раззлавала Івана Васільевіча, бо пасол ні слова не згадаў ні пра непадпарадкаванне князю, ні пра канфлікты з Псковам, адказваючы, што размаўляць пра гэта веча яго не ўпаўнаважыла. Ён запатрабаваў выкананні наўгародцамі ўмоў Яжэлбіцкай мірнай дамовы ад 1456 г., паводле якой наўгародцы былі абавязаны падпарадкоўвацца яму ў пытаннях знешняй палітыкі. Ва ўмовах усё нарастальнага ціску Масквы ў Вольным горадзе да ўлады прыйшла пракаралеўская партыя Марфы Барэцкай, у якую ўваходзілі Марка Памфілееў, купецкі стараста, і шматлікія купцы справы якіх пакутавалі ад распаўсюджвання ўплыву Масквы на поўнач. Падтрымлівала Барэцкіх і частка духавенства, бо пры маскоўскай уладзе, якая трымае духавенства пад кантролем, яны б страцілі свой палітычны ўплыў і эканамічную моц. Таму наўгародцы, не жадаючы падпарадкоўвацца вялікаму князю маскоўскаму, адправілі паслоў Панфіла Селівантава і Кірылу Макар'іна да Казіміра з просьбай прыслаць ім князя. Іван III, пазнаўшы пра гэта, паслаў да пскавічоў з указам рыхтавацца да вайны супраць наўгародцаў у выпадку іх адмовы ад прыняцця яго ўмоў [3, с. 127, 132; 19, с. 459—460; 20, с. 279].

Нягледзячы на прыход да ўлады ў Ноўгарадзе пралітоўскай партыі, існавала перашкода, якая ў шматлікіх наўгародцаў выклікала ваганні, асабліва ў простага народа. Справа ў тым, што, у адрозненне ад княстваў Паўночна-Усходняй Русі, Вялікае Княства Літоўскае, як дзяржава і з каталіцкім, і з праваслаўным насельніцтвам, падтрымала Ферара-Фларэнтыйскую царкоўную ўнію 1439 г. Наўгародцы, якія здаўна ганарыліся чысцінёй праваслаўя, наўрад ці прызналі б над сабой мітрапаліта-ўніята. Гэта праблема цалкам усведамлялася каралём Казімірам, таму ў 1466 г. уніяцкі мітрапаліт Вялікага Княства Літоўскага Рыгор Балгарын (1459—1473) зрокся ад уніі і звярнуўся да праваслаўнага Канстанцінопальскага патрыярха з просьбай пра зварот яго ва ўлонне праваслаўнай царквы. Патрыярх Сімеон I Трапезундскі (1466, 1472—1475, 1482—1486) па нейкіх прычынах не выканаў гэтага, але яго пераемнік Дзіянісій I Мудры (1467—1471) пайшоў яму насустрач. Ён не толькі прызнаў яго праваслаўным мітрапалітам, але нават пашырыў яго паўнамоцтвы. Ён перадаў Рыгору ўладу над тымі епархіямі, якія раней знаходзіліся пад юрысдыкцыяй маскоўскага мітрапаліта. Акрамя таго, патрыярх накіраваў сваіх паслоў у Маскву з патрабаваннем перадаць паўнамоцтвы маскоўскага мітрапаліта Філіпа (1464—1473) Рыгору Балгарыну [10, С. 220—221].

За два дня да прыбыцця ў Ноўгарад князя памёр арцыбіскуп Наўгародскi Іона, што выклікала беспарадкі ў горадзе. Па наўгародскім звычаі 15 лістапада з трох кандыдатаў, якія выбіраліся са світы памёрлага архібіскупа: Варсанофія-духоўніка, Пімена-ключніка і Феафіла-рызнічага — на месца Іоны абралі Феафіла. Іван III выдаў таму ахоўную грамату для праезду да мітрапаліта, якую да таго прасіў у яго наўгародскі баярын Мікіта Ларыёнаў, каб пасвяціць яго каля труны цудатворца Пятра. Але партыя Барэцкіх не дапусціла паездкі ўладыкі ў Маскву. Гэта было злучана з тым, што ключнік Пімен, які раней таксама прэтэндаваў на арцыбіскупскую кафедру, даў Марфе Барэцкай шмат сродкаў для прыцягнення прыхільнікаў. Ён прасіў адправіць яго ў Кіеў, каб яго пасвяціў мітрапаліт Рыгор Балгарын. Такім чынам у пралітоўскай партыі з'явіўся б свой арцыбіскуп, што значна павялічыла б іх уплыў. Але Пімен дзейнічаў залішне груба, і Феафіл змог схіліць людзей на свой бок. Яго схапілі і катавалі. Казну яго разрабавалі, а яго самога аштрафавалі на 1000 рублёў. Тым не менш, нягледзячы на правал спробы змены арцыбіскупа, сам факт непрызнання верхавенства маскоўскага мітрапаліта сур'ёзна падрываў аўтарытэт Масквы [35, с. 199—200; 28, с. 14; 33, с. 857; 18, с. 127; 19, с. 461; 20, с. 280, 283—284; 21, с. 235—236; 24, с. 159].

Нягледзячы на пасольства да Казіміра Ягелончыка, у Ноўгарадзе яшчэ працягваліся спрэчкі пра тое, якому князю аддаць перавагу: літоўскаму ці маскоўскаму. Чара шаляў пачалі схіляцца на карысць караля пасля таго, як гараджане пазналі, ад пскавічоў, што ў Пскоў ад Івана III быў пасланы баярын Селіван, які паднімаў іх на Ноўгарад. Тыя першапачаткова не жадалі ваяваць з былой метраполіяй і таму даслалі ў Ноўгарад паслоў Мікіту Насонава і Дзмітрыя Патрыкеевіча з прапановай пасрэдніцтва паміж наўгародцамі і Масквой для заключэння міру. Наўгародцы ў адказ даслалі ў Пскоў свайго пасла Радзівона, які ад імя Вялікага Ноўгарада адмовіўся ад іх дапамогі ў пагадненні з вялікім князем маскоўскім, але папытаў дапамогі ў вайне супраць яго, на што тыя далі нявызначаны адказ. Акрамя таго, пасля гэтага пасольства ў Пскове ўзраслі антынаўгародскія настроі: саміх наўгародскіх паслоў абрабавалі гэтак жа, як не так даўно абрабавалі ў Ноўгарадзе пскоўскіх купцоў. Жыхары Пскова ўзгадалі і пра шматлікія ордэнскія паходы, якія наўгародцы не рэдка перанакіроўвалі са сваіх валоданняў на пскоўскія. Таму ў Пскове Вечавая рэспубліка не знайшла сабе падтрымкі [3, с. 135—136; 19, с. 466; 9, с. 273; 21, с. 236—237].

Як гэта часта бывае, у пошуках саюзнікаў супраць новага ворага наўгародцы звярнуліся за дапамогай да старога. У лістападзе 1470 г. яны вялі перамовы з Лівонскім ордэнам: у Фелін (Вільяндзі) былi пасланы два пасольствы з мэтай падоўжыць мір паміж Ордэнам і Ноўгарадам пры выключэнні з гэтай мірнай дамовы Пскова. Лівонскі магістр Іаган Вольтус фон Герзэ (1470—1471) адправіў у Ноўгарад сваіх паслоў, каб тыя атрымалі пацверджанне просьбаў непасрэдна ад наўгародскіх улад і каб прапанаваць ім даслаць сваіх прадстаўнікоў на з'езд на р. Нарову 8 верасня, каб там прыняць канчатковае рашэнне. Акрамя таго, ён прама паказваў у лістах да вялікага магістра на неабходнасць дапамогі Ноўгараду, каб той не быў захоплены Масквой, баючыся, што яго захоп Іванам III прывядзе да страты Лівонскім ордэнам спрэчных з Псковам земляў і ўзмацненню ціску на яго Паўночна-Усходняй Русі. Магістр збіраўся абмеркаваць прапанову наўгародцаў з рыжскім арцыбіскупам, дэрпцкім і эзэльскім біскупамі і з рыцарствам Гарыі і Вірландыі (вобласці на тэрыторыі Лівонскага ордэна). Таксама ён прасіў вялікага магістра Тэўтонскага ордэна даслаць дапамогу: 300-400 канёў і колькі магчыма пешых ваяроў [14, с. 146—147]. Акрамя таго, усвядоміўшы магчымасць узброенага канфлікту з добра навучаным і шматлікім войскам Маскоўскай дзяржавы, наўгародцы паспяшаліся скласці дамову з Казімірам, для чаго ў Вялікае Княства Літоўскае былі пасланы Дзмітрый Барэцкі і Афанасій Астаф'евіч. Варта заўважыць, што вялікі князь літоўскі, каб не абвастраць рэлігійнае пытанне, выканаў просьбу гараджан і даслаў да іх намеснікам праваслаўнага князя з роду кіеўскіх князёў — Міхаіла Алелькавіча. Па дамове пры намесніку былі цівун, прыслужнік і дружына (не больш за 50 чал.). Сам кароль абавязваўся абараняць наўгародцаў, трымаць іх у даўніне, не навязваць каталіцтва і, апроч іншага, гарантаваў наўгародцам права вольна сцвярджаць арцыбіскупа наўгародскага, як у Вільні, так і ў Маскве. За гэта кароль атрымліваў права збіраць чорны бор і атрымліваў 10 саляварань у Русе. Акрамя таго, па меркаванні Л.У. Чарапніна, паколькі Ноўгарад вёў шырокі гандаль з Беларуссю і Украінай, то намеснік-праваслаўны князь, злучаны з Кіеўшчынай, уяўляўся ім аптымальным варыянтам, бо ён бы садзейнічаў далейшаму пашырэнню гандлёвых сувязяў Вольнага горада з Вялікім Княствам Літоўскім [33, с. 857—859; 40, р. 234; 3, с. 139—142; 6, с. 15].

Пасля гэтага ў 1471 г. вялікі князь маскоўскі і мітрапаліт маскоўскі паслалі ў Ноўгарад паслоў з заклікам не станавіцца васаламі Казіміра і не здраджваць праваслаўнай царкве, пераходзячы пад уладу лацінян і ў нядаўнім мінулым уніяцкага кіеўскага мітрапаліта Рыгора Балгарына. Іван III нават узвёў старэйшага сына Марфы, Дзмітрыя ў стан маскоўскага баярына, якіх тады было ўсяго пяць [19, с. 461, 463—464; 29, с. 141; 10, с. 298; 13, с. 331—332; 34, с. 440—442; 35, с. 201; 12, с. 275; 27, с. 105; 9, с. 270—272; 21, с. 235; 22, с. 275; 23, с. 191; 25, с. 549—550].

15 сакавіка 1471 г., пазнаўшы пра смерць свайго брата, князя Кіеўскага, і жадаючы хутчэй завалодаць сваёй вотчынай, з Ноўгарада выехаў Міхаіл Алелькавіч, які паспеў выклікаць непрыязнасць у наўгародцаў [29, с. 140; 13, с. 332]. Ён спусташаў на сваім шляху наўгародскія воласці, рабуючы і выводзячы жыхароў. І.Б. Грэкаў высоўвае альтэрнатыўную версію, тлумачачы яго ўчынкі ў адносінах да наўгародцаў лаяльнасцю Міхаіла Алелькавіча Маскве. У якасці аргументу ён прыводзіць той факт, што ў маскоўскіх летапісах князь падкрэсліваецца толькі з добрага боку, да таго ж ён не пераследваў прыхільнікаў Масквы ў Ноўгарадзе. Прычынай таму, даўнія сувязі яго роду з Масквой. Яшчэ яго дзед Уладзімір Альгердавіч у барацьбе з Вітаўтам звярнуўся за дапамогай да вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітравіча. Варта ўлічыць і асабістую крыўду Міхаіла Алелькавіча на караля Казіміра: пры просьбе братоў Сямёна і Міхаіла Алелькавічэй падзяліць іх вотчыну — Кіеўшчыну — Казімір адмовіў, адказаўшы: "дзед ваш князь Валадзімер бегаў у Маскву і тым прабегаў айчыну сваю Кіеў". [11, с. 179; 5, с. 94; 21, с. 236—237]

Іван III і мітрапаліт яшчэ раз даслалі паслоў на чале з Іванам Фёдаравічам Таварковым з тымі ж заклікамі, але дарэмна: веча так і не прыйшло да адзінага рашэння. Вайны ўжо было не пазбегнуць. Іван III, прадбачыўшы няўпэўненасць пскавічоў, 23 траўня 1471 г. паслаў у Пскоў дзяка Якава Шачэбальцэва, які, прыбыўшы 7 чэрвеня ў горад, перадаў наказ вялікага князя маскоўскага ісці на Ноўгарад, выслаўшы таму размётныя граматы не пазней 16 ліпеня, тады як князь вышле свае размётныя граматы толькі 17 ліпеня. Гэта было зроблена для таго, каб, па-першае, праверыць адданасць пскавічоў, і, па-другое, каб яны потым не маглі выйсці з канфлікту [20, с. 288].

Найбольш востра стаяла пытанне аб часе пачатку баявых дзеянняў. Справа ў тым, што Ноўгарад быў з усіх бакоў акружаны рэкамі, азёрамі і балотамі і таму ўлетку, падчас паходу, можна было страціць шмат людзей, па гэтаму князі традыцыйна хадзілі на Ноўгарад узімку. Аднак, было вырашана пайсці на Ноўгарад улетку. Гэта рашэнне было складана выканальным і амаль што авантурным у тактычным стаўленні, але адзіна правільным у стратэгічным. Бо, калі Масква не жадала апынуцца ў кольцы ворагаў, то яна павінна была дзейнічаць хутка і эфектыўна, бо, акрамя непасрэднага сюзерэна Ноўгарада, Казіміра, у вайну намерваўся ўмяшацца Лівонскі Ордэн, а пры доўгай адсутнасці маскоўскага войска, і Сіняя (Вялікая) Арда [4, с. 100]. Доказам таму можа служыць тое, што, пачынальна ўжо з 1470 г. Вялікае Княства Літоўскае, і Лівонія імкнуліся здушыць асноўнага саюзніка Івана III у прыбалтыйскім рэгіёне — Пскоўскую вечавую рэспубліку. У 1470 г. у Полацку Казімір і пскавічы вялі перамовы пра рашэнне памежных спрэчак і сутыкненняў, сустрэча была паўторана ў Бярэзнічах, але і ў тых, і ў іншых выпадках дамова не была дасягнута. 30 сакавіка 1471 г. пскоўскім паслам у Вільні, кароль сказаў, што павінен сам прыбыць для разбору спраў пра памежжа, словам, яны зноў нічога не дамагліся. 5-19 сакавіка 1470 г. адбыліся перамовы з пасольствам Іагана Вольтуса фон Герзэ — лівонскага магістра, якое прыбыло з паведамленнем пра перанос магістарскай рэзідэнцыі ў Фелін і прэтэнзіямі на спрэчныя з Псковам тэрыторыі (землі за Красным Гарадком — пскоўскім прыгарадам, пабудаваным у 1464 г. на р. Сіняй). Пскавічы адмовіліся іх саступаць, матывуючы гэта рашэнне тым, што нічым чужым яны не валодаюць [3, с. 136—137; 14, с. 145; 21, с. 236—237, 239]. Эфект ад дыпламатычнага ціску на Пскоў быў спрэчным: з аднаго боку, ён стымуляваў развіццё яшчэ большага нежадання сварыцца з былой метраполіяй, з іншага боку, у пскавічоў склалася цвёрдае ўяўленне пра тое, што ў іх ёсць толькі адзін абаронца — вялікі князь маскоўскі, які заўсёды дазваляў іх спрэчкі з наўгародцамі і абараняў ад лівонцаў, што ўмацавала арыентацыю Пскова на Маскву і яшчэ больш узмацніла яго залежнасць ад яе [2, с. 62; 33, с. 850—851].

Акалічнасці спрыялі Вялікаму княству Маскоўскаму. Падзеі на цэнтральнаеўрапейскай палітычнай арэне карэнным чынам змянілі расстаноўку сіл у канфлікце вакол Ноўгарада. У 1471 г. памёр Георгій Падэбрад (1458—1471), кароль Чэхіі, які адпісаў пры сваім жыцці трон Чэхіі Ягелонам у абыход сваіх нашчадкаў, каб такім чынам карона Чэхіі не дасталася Мацьяшу Корвіну (Хуньядзі) (1458—1490), каралю Венгрыі, якому гэту карону прапанавалі феадалы Сілезіі, Маравіі і Лужыцы, і папа Рымскі Сікст IV (1471—1484). Цэнтральная правінцыя — Багемія падтрымлівала Георгія Падэбрада, а па яго смерці - яго пераемніка Уладзіслава Ягелона (1471—1516 — кароль Чэхіі, 1490—1516 — кароль Венгрыі), які ўвайшоў у Прагу ў 1471 г. з 7 тыс. конніцы і 2 тыс. пяхоты. У гэта ж час феадалы Венгрыі, абураныя палітыкай цэнтралізацыі Мацьяша Хуньядзі паднялі паўстанне і запрасілі на венгерскі трон старэйшага сына Казіміра Ягелончыка — Казіміра Казіміравіча. Па меркаванні Нормана Дэвіса з гэтага моманту Казімір IV пачынае іграць ролю «Бацькі Цэнтральнай Еўропы» [36, р. 110—113]. Кароль польскі апынуўся ўцягнуты ў чараду войн з Венгрыяй і Святой Рымскай Імперыяй, што патрабавала велізарных выдаткаў і паглынала ўсю яго ўвагу. З-за новых ваенных дзеянняў у караля не засталося грошаў нават на наладжванне каралеўскіх трапез належнага ўзроўня і ўтрыманне сваіх дзяцей. Прадбачыўшы незадаволенасць еўрапейскім вектарам палітыкі ў княстве, ён адняў аўтаномнае Кіеўскае княства ў Сямёна Алелькавіча, якога ўжо раней высоўвалі, як кандыдата на месца вялікага князя неўзабаве пасля таго як той памёр. Яго брат Міхаіл Алелькавіч, які быў наўгародскім пасаднікам, паспяшаўся ў Кіеў, але не паспеў - яго апярэдзіў каралеўскі намеснік Марцін Гаштольд, які зацвердзіўся ў горадзе сілай [8, с. 269; 13, с. 329; 12, с. 267—268]. Кароль прызначыў яго простым намеснікам, нягледзячы на тое, што кіяўляне згаджаліся нават на каталіка, але князя, каб не парушалася пераемнасць кіеўскага стала. Тым не менш Казімір настаяў на сваім, што выклікала значную незадаволенасць насельніцтва: казалі, што Літва, адвечны даннік Русі, ператварылася ў яе ўладара. З-за пагрозы паўстання кароль быў змушаны падоўжыць свой знаходжанне на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і канчаткова адмовіцца ад замежнапалітычных акцый у стаўленні Вольнага горада. Маскоўскі бок усведамляў, што занятасць вялікага князя літоўскага знешнімі і ўнутранымі праблемамі стварала глебу для дасягнення дамовы па пытаннях датычна Вялікага Ноўгарада. Сведчаннем таму з'яўляецца наведванне маскоўскімі пасламі Кракава ў ліпені і снежні 1471 г. Па меркаванні А.Л. Харашкевіч гэтыя перамовы забяспечылі нейтралітэт Казіміра пры заваёве Вечавой рэспублікі Масквой.

Нягледзячы на адсутнасць рэсурсаў для прамога процідзеяння Івану Васільевічу, кароль актыўна карыстаўся дыпламатычным сродкамі для ціску на яго. Яшчэ ў 1470 г. кароль паслаў татарына Кірэя Амуратавіча Крывога, каб той пераканаў хана Вялікай Арды Ахмата (1460—1481) напасці на Івана III. Беклярыбек (князь) Тэмір і іншыя, атрымаўшы не мала дароў, падтрымалі ідэю, але сам хан, пратрымаўшы пасла да 1471 г. так і не адправіўся ў паход. Ю.Г. Аляксееў лічыць, што прычынай таму набег вятчан на чале з ваяводам Костакам Юр'евым напачатку лета 1471 г. на Сарай. Татары Вялікай Арды знаходзіліся на качэўі (на адлегласці 50-100 км. ад свайго горада) і таму не здолелі абараніць свой горад. Альтэрнатыўную версію прапануе М.С. Барысаў. Ён выказвае думку, што паход вятчан на Сарай быў не маскоўскай акцыяй, а, хутчэй, інтрыгамі яе праціўнікаў, бо гэта магло справакаваць Ахмата на паход на безабаронныя маскоўскія валоданні. На яго погляд вырашальным фактарам стала тое, што Іван III загадаў знайсці ў стэпах царэвіча (хана) Муртозу і прапанаваць яму перайсці на маскоўскую службу. Той пагадзіўся і тым значна ўзмацніў абараназдольнасць Масквы, што затрымала паход Ахмата на год і дало вялікаму князю маскоўскаму магчымасць ажжыцявіць наўгародскую кампанію [7, с. 54-59; 31, с. 79; 5, с. 99; 32, с. 180-181; 1, с. 33; 10, с. 231-232; 39, р. 31; 38, р. 42; 16, с. 76; 17, с. 730-731; 13, с. 331-332; 19, с. 457, 464-465; 41, р. 738; 23, с. 193-194; 24, с. 158; 26, с. 224; 37, р. 216].

Прааналізаваўшы ўзаемаадносіны Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага ў 1463—1471 гг. можна вылучыць наступныя прычыны паразы Вялікага Княства Літоўскага ў барацьбе за Ноўгарад Вялікі:

1. Захопу Ноўгарада Вялікім княствам Маскоўскім паспрыяла занятасць Казіміра IV цэнтральнаеўрапейскімі праектамі — барацьбой за троны Венгрыі і Чэхіі з Мацьяшам Корвінам і Святой Рымскай Імперыяй, якая не пакідала сродкаў для ўзброенага ўмяшання ў наўгародскія падзеі. Нават далучэнне багатага Ноўгарада не змагло б кампенсаваць польскаму каралю страту густанаселеных і эканамічна развітых тэрыторый, на якіх знаходзіліся руднікі каляровых металаў.

2. Страце Ноўгарада садзейнічала незадаволенасць Казімірам Ягелончыкам унутры Вялікага Княства Літоўскага, што вымусіла караля застацца на тэрыторыі княства, каб там не пачаўся бунт арыстакратыі. Магчыма, па гэтай жа прычыне Міхаіл Алелькавіч за час свайго княжання ў Ноўгарадзе сапсаваў адносіны паміж дзяржавамі і саслабіў наўгародцаў пасродкам рабавання іх земляў.

3. Шматканфесійнасць Вялікага Княства Літоўскага, і арыентацыя яго праваслаўных іерархаў на пап Рымскіх у 1440—сяр. 1460-ых. гг. выклікала ваганні наўгародцаў пры выбары князя і, у канчатковым выніку, сталi нагодай для адкрытай агрэсіі Масквы супраць Ноўгарада.

БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС

  1. Алексеев, Ю.Г. Государь Всея Руси/ Ю.Г. Алексеев. — Серия “Страницы истории нашей родины”. — Новосибирск, 1991. — 240 с.
  2. Алексеев, Ю.Г. “К Москве хотим” закат боярской республики в Новгороде / Ю.Г. Алексеев. — Лениздат, 1991. — 155, [3] с.
  3. Алексеев, Ю.Г. Под знамёнами Москвы / Ю.Г. Алексеев. — Москва: “Мысль”, 1992. — 268, [2] c.
  4. Алексеев, Ю.Г. Походы русских войск при Иване III / Ю.Г. Алексеев. — Санкт-Петербург: Издательство Санкт-Петербургского университета, 2007. — 462, [1] c.
  5. Базилевич,К.В.Внешняя политика русского централизованного государства. Вторая половина XV века / К.В. Базилевич. — Издательство Московского университета, 1952. — 544 c.
  6. Базилевич, К.В. Образование русского национального государства. Иван III / К.В. Базилевич. — Москва: Военное издательство министерства вооружённых сил СССР, 1946. — 52 с.
  7. Бандтке, Г.С. История государства польского Т.2 / Георг Самуил Бандтке. — Санкт-Петербург: в типографии Императорской российской академии, 1830. — С. 54-60.
  8. Белоус, Н.А. Политика Ягеллонов в отношении города Киева / Н.А. Белоус. // Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына — Мінск: “Беларуская навука”, 2007. — С. 265-279.
  9. Бернадский, В.Н. Новгород и Новгородская земля в XV веке / Акад. Наук СССР. Ин-т истории. Ленингр. Отд-ние. — Ленинград; Москва : Изд-во Акад. Наук СССР, [Ленингр. отделение], 1961. — 395 с.
  10. Брянцев, Д. История Литовского государства с древнейших времён / Дмитрий Брянцев. — Вильна: типография А.Г. Сыркина, Большая улица, 1889. — XII, 659 с.
  11. Греков, И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы / Акад. Наук СССР. Ин-т славяноведения. — Москва : Изд. вост. лит., 1963. — 374 с.
  12. Грушевський, М.С. ІсторіяУкраіни-Руси Т.4 XIV-XVIвікі — відносини політичні — М.С. Грушевський. — Нью-Йорк: Видавниче товариство “Книгоснілка”, 1955. — 535 с.
  13. Гудавичюс, Э. История Литвы с древнейших времён до 1569 года Т.1 / Э. Гудавичюс. — Москва: Фонд имени И.Д. Сытина “Baltrus”, 2005. — 680 с.
  14. Казакова, Н.А. Русско-ливонские и русско-ганзейские отношения / Н.А. Казакова. — Ленинград: “Наука”. Ленинградское отделение, 1975. — 359 с.
  15. Карпов, Г.Ф. История борьбы Московского государства с Польско-Литовским 1462-1508 / Г.Ф. Карпов. — Москва: в университетской типографии (Катков и К.) на Страстном бульваре, 1867 — Т.1. — 140 с.
  16. Кулжинский, И. История Польши (очерк) / Иван Кулжинский. — Киев: В типографии Фёдорова и Мин., 1864. — 195 с.
  17. Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэднявечча і раньнемадэрны час / укладальнік В.А. Варонін. — Смаленск: Інбелкульт, 2013. — 902 с. — С. 367-368 (Валынскі кароткі летапіс); 730-734 (Хроніка Быхаўца).
  18. Преображенский, Г.Н. Полная история государства Российского Т.1 / Г.Н. Преображенский. — Москва: Типо-Литография И.О. Лашкевич и К. ул. Тверская, дом Саввинского подворья, 1896. — IV, 272 с.
  19. Полевой, Н.А. История русского народа / Н.А. Полевой. — Т.5 — Москва: В типографии Августа Семёна, при Императорской Мед.-Хирург. Академии, 1833. — 665, XXIV с.
  20. Полное собрание русских летописей Т.3 Вып.2 Новгородская II и III летописи — Санкт-Петербург: Типография Императорской академии наук (Вас. Остр., 9 лин. № 12), 1879. — XXIV, 488, 114 с.
  21. Полное собрание русских летописей Т.4 IV Новгородская и I Псковская летописи. — Санкт-Петербург, 1848. — VIII, 363 с.
  22. Полное собрание русских летописей Т.5II Псковская и I Софийская летописи. — Санкт-Петербург, 1851. — VI, 278 с.
  23. Полное собрание русских летописей Т.6 I и II Софийские летописи. — Санкт-Петербург, 1853 — 360 с.
  24. Полное собрание русских летописей Т.8 Продолжение летописи по Воскресенскому списку. — Санкт-Петербург, 1859. — VIII, 302 с.
  25. Полное собрание русских летописей Т.17 Западнорусские летописи. — Санкт-Петербург, 1907. — XIV, 650 с.
  26. Полное собрание русских летописей Т.18 Симеоновская летопись. — Санкт-Петербург, 1913. — III, 316 с.
  27. Сагановіч, Г.М. нарыс гісторыі Беларусі / Г.М. Сагановіч. — Мінск: “Энцыклапедыкс”, 2001. — 411, [2] c.
  28. Соловьёв С.М. — История России с древнейших времён / С.М. Соловьёв. — Т.5 — Москва: “Голос”, 1993. — 758 с.
  29. Тарас, А.Е. Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV-XVII вв. / А.Е. Тарас. — Москва: АСТ; Минск: Харвест, 2013. — (Неизвестные войны) — 798, [1] с.
  30. Темушев, В.Н. Литовско-московский договор 1449 года. Раздел сфер влияния в Восточной Европе / В.Н. Темушев. // Весці Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — № 5 Ч.2. — Минск, 2005. — С. 77-79.
  31. Хорошкевич, А.Л.Русское государство в системе международных отношений конца XV— начала XVI в. / А.Л. Хорошкевич. — Москва: Издательство “Наука”, 1980. — 293 с.
  32. Чаропко, В.К. Великие князья Великого княжества Литовского / В.К. Чаропко. — Минск: “Беларусь”, 2012. — 264 с.
  33. Черепнин, Л.В. Образование русского централизованного государства в XIV-XV веках / Л.В. Черепнин. — Москва, 1960. — 900 с.
  34. Шчарбакоў, В.К. Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах Т.1 IX-XVIII ст. / В.К. Шчарбакоў, К.І. Кернажыцкі, Д.І. Даўгяла. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1936. — 679 с. (источник — договор Казимира с Новгородом от 1471 г.)
  35. Экземплярский, А.В. Великие и удельные князья в татарский период с 1238 по 1505 / А.В. Экземплярский. — Санкт-Петербург: Типография Императорской Академии Наук, 1889. — X, 474 с.
  36. Davies, N. God’s playground a history of Poland V.1 The Origins to 1795 / Norman Davies. — Oxford: Oxford University Press, 2005. — 457 p.
  37. Kiaupa, Z. The history of Lithuania / Zigmantas Kiaupa, Jurate Kiaupiene, Albinas Kuncevicius. — Vilnus, 2000 — 402 p.
  38. Lukowski, J. A concise history of Poland / J. Lukowski, H. Zawadski. — Cambridge university press, 2001. — 408 p.
  39. Stone, D. The Polish-Lithuanian state, 1386-1795 / Daniel Stone. — Seattle: University of Washington Press, 2001 — 374 p.
  40. The Cambridge history of Russia V.1 From Early Rus’ to 1689 — New-York: Cambridge University Press, 2006. — XXII, 777 p.
  41. The new Cambridge Medieval history V.7 c.1415 — c.1500 / edited by Christopher Allmand. — Cambridge : Cambridge university press, 2008. — XXI, 994 p.

Печать